Улицы хотят переименовать
14 февраля 2010
Стоит ли могилёвским улицам возвращать их исторические названия? Что лучше — Ветреная или Ленинская, Днепровский проспект или Первомайская? Где в нашем городе Щемиловка? Об этом и о многом другом мы поговорили с кандидатом исторических наук, доцентом, депутатом Могилёвского горсовета Александром Агеевым.
— Дастаткова даўно абмяркоўваецца пытанне перанаймення некаторых вуліц горада. Не так даўно на старонках «Весніка Магілёва» Вы — разам з Аляксандрам Пушкіным — агучылі шэраг прапаноў на гэты конт. Ці сапраўды гэта пытанне настолькі актуальнае, што яго варта выносіць на грамадскае абмеркаванне?
— Пра перанайменне ў дадзеным выпадку гутарка не ідзе! Я б хацеў унесці дакладнасць у тэрміналогію... Перанайменне адбываецца тады, калі гістарычную, традыцыйна замацаваную назву вуліцы замяняюць на новую. Так было за савецкімі часамі, калі магілёўскія — і не толькі — вуліцы атрымоўвалі назвы, прысвечаныя юбілеям з’ездаў, правадыроў партыі і г.д. Мы — і я гэта падкрэсліваю — вядзем гутарку аб вяртанні магілёўскім вуліцам іх старых, спраконвечных назваў.
Што ж да актуальнасці гэтага пытання, то, на мой погляд, яно вартае самай пільнай увагі і з боку грамадскасці, і з боку выканаўчай улады. Сапраўды, у канцы мінулага года на тапанімічнай камісіі горада абмяркоўваліся пытанні, прысвечаныя вяртанню вуліцам іх гістарычных назваў. Ня ведаю, што здарылася, але за два апошнія гады актыўнасць нашых грамадзян у справе аховы гістарычнай спадчыны, ушанавання нашых нацыянальных дзеячоў надзвычай вырасла... Я думаю, гэта звязана з адбудовай ратушы. Людзі зразумелі — штосьці можна зрабіць, штосьці можна вярнуць!
Добра таксама і тое, што наша гарадская бібліятэка імя К.Маркса стала арганізоўваць праекты, звязаныя з краязнаўствам, з гісторыяй. І гэта таксама актывізавала грамадскасць. Менавіта ад магілёўцаў паступіла прапанова вярнуць частцы вуліцы Ленінскай яе колішнюю гістарычную назву — Ветраная.
Канешне, гэта ідэя можа выклікаць пярэчанні... Звычайна ўзнікаюць пытанні аб сродках, выдаткаваных з бюджэта дзеля перанаймення вуліцы. Аднак вопыт, які ўжо ёсць у Рэспубліцы, паказвае, што ніякіх асаблівых сродкаў не патрэбна. Што ж да простых грамадзян, то ў іх наогул ніякіх праблем няма!
— Прапаноўваецца пераназваць усю вуліцу Ленінскую ці толькі яе частку?
— Толькі частку! Справа ў тым, што Магілёў увесь час гістарычна развіваўся. Калі ён фарміраваўся, то ад Гандлёвай плошчы (зараз Савецкай) веерам ішлі вуліцы. Адна з іх, Ленінская, традыцыйна называлася Ветранай. Прычына такога назову простая: на вуліцы дзьмулі вятры! Калі сёння паглядзець, то гэта частка Ленінскай — ад Савецкай плошчы да сквера каля Драматычнага тэатра. Там, дарэчы, некалі быў роў, стаяла «Ветраная брама».
У ХІХ ст. Ветраная вуліца дабудоўвалася, і наступная яе частка стала называцца Вялікай садовай. Сёння гэта так званы Магілёўскі арбат, пешаходная вуліца, улюбёнае месца адпачынку гараджан. Я за тое, каб вярнуць гэтаму кавалку Ленінскай назву гістарычную, але супраць таго, каб з магілёўскай гісторыі зусім выкідаць назву «вуліца імя Леніна».
Кавалак сучаснай Ленінскай (а вуліца робіць зігзаг каля фантанаў і сыходзіць направа) збудаваны сталінскімі і хрушчоўскімі інжынерамі. Ён вельмі савецкі! Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што назва гэтай часткі вуліцы — Ленінская. І гэту назву трэба пакінуць...
— Ці ёсць у вас меркаванні адносна змены назвы цяперашняй Савецкай плошчы?
— Што да Савецкай плошчы... Патрэбна вялікая дыскусія адносна яе назвы. Плошча знакавая — цэнтральная. Яна была Гандлёвай, Губернатарскай; ёсць звесткі, што нейкі месяц была плошчай Волі (у гады рэвалюцыі). Потым стала Савецкай. Вярнуць гістарычны назоў «Гандлёвая»? Шчыра кажучы — не варыянт, бо сёння яе функцыя зусім іншая. Былі прапановы — Плошча імя героеў, Плошча славы. Якую назву выбраць, мне здаецца, павінны вырашыць магілёўцы... Можа быць, калі людзі прызвычаюцца да ратушы, варта назваць цяперашнюю Савецкую плошчу Ратушнай.
— Якія яшчэ вуліцы ў перспектыве могуць чакаць змены назвы?
— Адразу скажу, што былі і іншыя прапановы: напрыклад, вярнуць назву Замкаваму завулку, але там застаўся ўсяго толькі адзін дом. Была яшчэ назва «Шчымілаўка» — на мой погляд, вельмі характарыстычнае найменне вуліцы (ад Віленскай убок Быхаўскага рынка). Будынкаў там таксама зараз няма. Можна вуліцы Піянерскай вярнуць назву Малая садовая, вул. Карла Маркса — Зялёная, вул. Першамайскай — Дняпроўскі праспект.
Аднак у кожным асобным выпадку трэба разбірацца! Нельга нічога рабіць адным махам. Адносна назвы Першамайскай варта сказаць, што яна сёння задавальняе ўсіх — правых, левых, цэнтрыстаў, бо ў назве няма ідэалагічнай аднабаковасці. Як бы там ні было, але свята 1 траўня — свята жыцця, працы і радасці...
— Якія перспектывы ў гэтых грамадскіх ініцыятыў? Як хутка ў Магілёве з’явяцца вуліцы Ветраная, Малая садовая, Зялёная...
— Перспектывы... Паглядзім на рэакцыю магілёўцаў. Будзе бачна, наколькі гэта актуальна! На тапанімічнай камісіі мы яшчэ раз абмяркуем гэта пытанне, потым прапануем яго гарвыканкаму. Пасля выбараў, спадзяюся, гарвыканкам здолее яго разгледзець...