На месцы міні-рынка “Крыніца” пабудуюць спарткомплекс
27 марта 2008
Магілёўскія ўлады ўзялі курс на закрыццё міні-рынкаў і тлумачаць яго імкненнем да цывілізаванага гандлю. Гарвыканкам аб'явіў, што на месцы міні-рынка "Крыніца" з'явіцца вялікі фізкультурна-аздараўленчы комплекс з двума басейнамі і гімнастычнай залай.
Не выпадае спрачацца, што спарткомплекс вельмі патрэбны мікрараёну, дзе жыве шмат моладзі і дзяцей. Магчымасць далучыцца да здаровага ладу жыцця і бавіць вольны час з карысцю дапаможа змагацца са злачыннасцю і алкагалізмам. "Але чаму для пабудовы спартыўнага аб'екта трэба зруйнаваць папулярны міні-рынак?" – здзіўляюцца жыхары Саломенкі.
Меркаванні людзей падзяліліся.
– Спартыўны комплекс будзе сапраўдным храмам здароўя і завершыць эру рынкаў, дзе ўсё дапатопна, брудна і правінцыйна, – кажуць адны.
–Мы хочам мець магчымасць набыць непадалёк ад дома танныя тавары, а ў сучасных гандлёвых цэнтрах не знаходзіцца месца бабулям з цыбуляй і яблыкамі, – пярэчаць іншыя.
Паводле дэпутата гарсавета Аляксандра Агеева, большасць яго выбаршчыкаў лічыць, што не трэба супрацьпастаўляць спартыўны аб'ект рынку: трэба захаваць рынак і пабудаваць комплекс. На рынку зрабіць рэканструкцыю і навесці парадак, а для спарткомплекса пашукаць у вялікім мікрараёне іншую пляцоўку. Дэпутат прапаноўвае ўладам параіцца з жыхарамі, каб прыняць рашэнне, якое б задаволіла ўсе зацікаўленыя бакі.
Калегі Агеева, якія маюць акругі на Саломенцы, сцвярджаюць, што абсалютная большасць народу – за пабудову спартыўнага комплекса. Незадаволеным прадпрымальнікам яны прапануюць даць іншыя працоўныя месцы.
Архітэктары тлумачаць, што пляцоўка, дзе цяпер месціцца міні-рынак "Крыніца", усё ж найбольш прыдатная для пабудовы буйнога фізкультурна-аздараўленчага комплексу – па плошчы, інжынерным камунікацыям і транспартнай даступнасці.
Улады абяцаюць перанесці рынак у іншае месца, і тут з дзвюх магчымых пляцовак прапануецца выбраць самому народу. У гарвыканкаме мяркуюць бліжэйшым часам правесці сустрэчу, дзе прадстаўнікі ўлады, дэпутаты, прадпрымальнікі і народ абмяркуюць сітуацыю і абвесцяць канчатковае рашэнне.